Дадатковыя ўмовы выкарыстання Google One
Апошняе змяненне: 11 лістапада 2025 г. |Каб карыстацца падпіскай Google One, вам трэба прыняць (1) Умовы выкарыстання Google і (2) гэтыя Дадатковыя ўмовы выкарыстання Google One (Дадатковыя ўмовы). Тэрміны, не азначаныя ў Дадатковых умовах, прымяняюцца ў адпаведнасці з іх значэннямі, указанымі ва Умовах выкарыстання Google.
Уважліва прачытайце гэтыя дакументы. Разам гэтыя дакументы называюцца Умовамі. Яны вызначаюць, чаго вы можаце чакаць ад нас пры выкарыстанні нашых сэрвісаў і чаго мы чакаем ад вас.
Таксама рэкамендуем азнаёміцца з нашай Палітыкай прыватнасці, каб даведацца, як вы можаце кіраваць сваімі данымі, змяняць, экспартаваць і выдаляць іх.
1. Наш сэрвіс
Google One прапануе планы падпіскі з платным сховішчам, агульным для Gmail, Google Фота і Google Дыска, а таксама планы падпіскі з дадатковымі перавагамі ад Google або трэціх бакоў. Google One таксама прапануе крэдыты для AI і планы падпіскі для платнага доступу да пэўных функцый на аснове штучнага інтэлекту, распрацаваных Google. Выкарыстанне дадатковых пераваг ад Google або старонніх сэрвісаў рэгулюецца іх умовамі выкарыстання. Некаторыя перавагі могуць быць недаступныя ў пэўных краінах або падлягаць іншым абмежаванням. Каб атрымаць дадатковую інфармацыю, перайдзіце ў Даведачны цэнтр Google One.
Сэрвіс Google One – гэта сэрвіс ад юрыдычнай асобы Google, указанай ва Умовах выкарыстання Google. Пры куплі падпіскі Google One або крэдытаў для AI вы заключаеце асобны дагавор з прадаўцом – гэта можа быць юрыдычная асоба Google (глядзіце раздзел 2) або трэці бок. На падпіску Google One, аформленую праз трэці бок ці партнёра, могуць распаўсюджвацца дадатковыя ўмовы гэтага трэцяга боку або партнёра.
Крэдыты для AI
Вы можаце выкарыстоўваць крэдыты для AI для адпраўкі і апрацоўкі запытаў у рамках пэўных функцый на аснове AI. Колькасць крэдытаў, неабходная для пэўнага дзеяння (напрыклад, генерыравання відэа), будзе ўказана ў адпаведным прадукце або функцыі. Google пакідае за сабой права змяняць колькасць крэдытаў, патрэбных для выкарыстання функцый на аснове AI. Крэдыты для AI можна выкарыстоўваць толькі для доступу да некаторых функцый на аснове штучнага інтэлекту, якія Google можа перыядычна прапаноўваць.
Тэрмін дзеяння крэдытаў для AI можа заканчвацца па завяршэнні пэўнага перыяду, які ўказваецца пры куплі.
Вы не маеце правоў уласнасці або іншых правоў на крэдыты для AI, апроч тых, якія ясна ўказаны ў гэтых Умовах. Вы не можаце прадаваць або перадаваць крэдыты для AI іншаму карыстальніку або ўліковаму запісу. Спроба зрабіць гэта таксама лічыцца парушэннем. Купляючы крэдыты для AI, вы ўносіце перадаплату за выкарыстанне пэўных функцый на аснове AI. Крэдыты для AI не з’яўляюцца лічбавай валютай, каштоўнай паперай, таварам або іншым фінансавым інструментам і не могуць быць абменены на грашовыя сродкі. Крэдыты для AI можна скарыстаць толькі для пэўных функцый на аснове AI ў экасістэме Google. Нявыкарыстаныя крэдыты для AI могуць быць ануляваны пры спыненні дзеяння або скасаванні тарыфнага плана Google One ў адпаведнасці з дзеючай палітыкай вяртання грошай.
Даведацца больш пра крэдыты для AI можна тут.
2. Купля і аплата
Падпіскі Google One афармляюцца на нявызначаны тэрмін. Плата спаганяецца ў пачатку кожнага плацежнага цыкла (напрыклад, штомесяц, штогод ці з іншай перыядычнасцю) згодна з умовамі падпіскі, пакуль вы яе не скасуеце.
Пры куплі падпіскі Google One або крэдытаў для AI на куплю будуць распаўсюджвацца асобныя ўмовы прадаўца. Напрыклад, калі вы афармляеце падпіску Google One або купляеце крэдыты для AI праз Краму Google Play, купля рэгулюецца Умовамі выкарыстання Google Play.
Прадаўцом падпіскі Google One або крэдытаў для AI праз Краму Google Play з’яўляецца:
- для спажыўцоў у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы – Google Commerce Limited;
- для спажыўцоў у Індыі – Google Ireland Limited;
- для спажыўцоў у Азіі і Ціхаакіянскім рэгіёне – Google Digital Inc.;
- для спажыўцоў у ЗША і астатніх краінах – Google LLC.
Калі вы купляеце падпіску Google One або крэдыты для AI праз трэці бок або партнёра, аплата будзе спісвацца з вашага спосабу аплаты гэтым трэцім бокам або партнёрам. Ён таксама будзе адказваць за вырашэнне ўсіх праблем, звязаных з аплатай, у тым ліку за скасаванні і за вяртанне грошай.
Калі прадавец не зможа спагнаць плату за падпіску Google One, доступ да яе можа быць прыпынены, пакуль вы не абновіце свой спосаб аплаты, каб прадавец мог яго выкарыстаць. Калі вы не зробіце гэтага ў разумны тэрмін пасля апавяшчэння, мы можам прыпыніць або скасаваць ваш доступ да Google One.
3. Цэны і прапановы
Прапановы. Мы можам час ад часу прапаноўваць бясплатныя пробныя перыяды падпіскі Google One. Калі вы купіце падпіску Google One з уключаным пробным перыядам, вы атрымаеце доступ да Google One на час дзеяння прапановы. Па завяршэнні пробнага перыяду і ў межах, дазволеных дзеючым заканадаўствам, з вас будзе аўтаматычна спаганяцца плата за падпіску ў кожным разліковым перыядзе, калі вы ўказалі для прадаўца сапраўдны спосаб аплаты. Спагнанне сродкаў будзе ажыццяўляцца, пакуль вы не скасуеце падпіску. Каб пазбегнуць спагнання аплаты, скасуйце падпіску да заканчэння пробнага перыяду. Час ад часу мы таксама можам прапаноўваць скідкі на падпіскі Google One. На гэтыя прапановы могуць распаўсюджвацца дадатковыя ўмовы выкарыстання, у тым ліку крытэрыі прыдатнасці. Вы зможаце азнаёміцца з імі да куплі або актывацыі прапановы. Прапановы не дзейнічаюць там, дзе яны забаронены або абмежаваны дзеючым заканадаўствам.
Змяненні цэн. Мы можам час ад часу змяняць цэны на падпіскі Google One або крэдыты для AI (напрыклад, у сувязі з інфляцыяй, змяненнямі дзеючага падатковага заканадаўства, рэкламнымі прапановамі, змяненнямі ў Google One або іншымі патрэбамі кампаніі). Змяненне ў цане падпіскі Google One ўступіць у сілу пасля заканчэння бягучага плацежнага перыяду – пры наступным спагнанні аплаты і пасля адпаведнага апавяшчэння. Мы папярэдне паведамім вам пра павышэнне цаны не менш чым за 30 дзён да таго, як з вас будзе спагнана плата. Калі папярэдняе паведамленне будзе адпраўлена менш чым за 30 дзён, цана не павысіцца да наступлення наступнага тэрміну аплаты. Калі вы не хочаце прадаўжаць падпіску Google One па новай цане, вы можаце скасаваць яе, як указана ў раздзеле "Скасаванні" гэтых Умоў. У гэтым выпадку далейшыя плацяжы спаганяцца не будуць пры ўмове, што вы апавясцілі нас пра скасаванне да заканчэння бягучага разліковага перыяду. Калі для прадаўжэння падпіскі вы павінны будзеце згадзіцца на новую цану, але не зробіце гэтага, падпіска будзе скасавана.
4. Скасаванне падпіскі і вяртанне грошай
Скасаванне і адмова. Калі вы скасуеце падпіску, доступ да Google One захаваецца да канца бягучага разліковага перыяду, за выключэннем выпадкаў, калі вы маеце права на неадкладнае скасаванне або іншыя правы на скасаванне або адмову, як апісана ў Даведачным цэнтры. Калі ў вас ёсць права на адмову і вы хочаце яго выкарыстаць, паведаміце пра сваё рашэнне прадаўцу, у якога вы купілі падпіску, у яўнай форме. Калі вы пачняце выкарыстоўваць сэрвіс падчас тэрміну адмовы і потым вырашыце адмовіцца ад яго, вам, магчыма, прыйдзецца выплаціць прадаўцу суму, прапарцыянальную кошту паслуг, аказаных да таго, як вы паведамілі яму пра сваё рашэнне.
Калі вы вырашыце выдаліць сэрвіс Google One, вы згаджаецеся з тым, што можаце адразу страціць да яго доступ. Каб захаваць доступ да сэрвісаў Google One да канца разліковага перыяду, скасуйце падпіску, а не выдаляйце сэрвіс.
Вяртанне грошай. На куплю падпіскі Google One і крэдытаў для AI распаўсюджваецца палітыка вяртання грошай. Каб запытаць вяртанне грошай, звярніцеся да прадаўца, у якога вы купілі падпіску. На вас могуць распаўсюджвацца правы спажыўцоў, прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам, якія нельга абмяжоўваць дагаворамі. Дадзеныя Умовы не абмяжоўваюць такія правы.
5. Служба падтрымкі кліентаў
Падпіска Google One можа ўключаць у сябе доступ да службы падтрымкі некаторых сэрвісаў Google. Калі, атрымаўшы ваш запыт, служба падтрымкі не зможа вам дапамагчы, вас могуць перанакіраваць у службу падтрымкі адпаведнага сэрвісу Google. Калі ваша падпіска Google One будзе скасавана або прыпынена, разгляд нявырашаных праблем, у сувязі з якімі вы звярнуліся ў службу падтрымкі таксама можа быць прыпынены, і вам, магчыма, трэба будзе адправіць новы запыт пасля аднаўлення падпіскі. Каб атрымаць дадатковую інфармацыю пра службу падтрымкі, наведайце Даведачны цэнтр.
6. Абагульванне з сямейнай групай
Падпіска Google One можа дазваляць абагульваць некаторыя з яе пераваг з сямейнай групай (абагульванне з сямейнай групай). Калі вы не хочаце абагульваць перавагі з сямейнай групай, адключыце адпаведную функцыю для Google One або пакіньце групу. Дадаваць у падпіску Google One удзельнікаў сямейнай групы, а таксама ўключаць або адключаць абагульванне з сямейнай групай могуць толькі менеджары тарыфных планаў Google One. Каб атрымаць дадатковую інфармацыю пра абагульванне з сямейнай групай, наведайце Даведачны цэнтр.
Калі вы ўваходзіце ў сямейную групу Google One, іншыя яе ўдзельнікі могуць бачыць некаторую інфармацыю пра вас. Напрыклад, калі вы далучыліся да сямейнай групы і ў Google One уключана абагульванне з сямейнай групай, астатнія яе ўдзельнікі, а таксама запрошаныя карыстальнікі змогуць пабачыць вашы імя, фота, адрас электроннай пошты, назвы прылад, рэзервовае капіраванне даных з якіх вы ажыццяўляеце, а таксама колькасць выкарыстаных крэдытаў для AI і аб’ём месца ў сховішчы, які вы выкарыстоўваеце. Апрача таго, удзельнікі сямейнай групы могуць бачыць, хто з яе ўдзельнікаў якія перавагі падпіскі Google One скарыстаў.
Калі вы з’яўляецеся менеджарам тарыфнага плана Google One і адключыце абагульванне з сямейнай групай ці выйдзеце з групы, астатнія яе ўдзельнікі страцяць доступ да падпіскі Google One. Калі менеджар тарыфнага плана Google One даў вам доступ да Google One праз функцыю абагульвання з сямейнай групай, вы страціце доступ да сэрвісу ў тым выпадку, калі выйдзеце з сямейнай групы, а таксама калі менеджар адключыць абагульванне з сямейнай групай або сам выйдзе з яе.
7. Рэзервовае капіраванне і аднаўленне даных з мабільных прылад
Падпіска Google One можа ўключаць у сябе палепшаныя функцыі рэзервовага капіравання і аднаўлення даных (рэзервовае капіраванне і аднаўленне) для мабільных прылад, якія падтрымліваюцца. Магчыма, што для выкарыстання гэтых функцый трэба будзе ўсталяваць і актываваць дадатковыя праграмы, напрыклад Google Фота. Вы можаце ў любы час змяніць параметры рэзервовага капіравання і аднаўлення ў праграме Google One. Калі падпіска Google One будзе прыпынена або скасавана, праз пэўны час вы можаце страціць доступ да даных, захаваных праз гэту функцыю, у адпаведнасці з правіламі рэзервовага капіравання Android.